Названы пераможцы конкурсу «Таямніцы малой радзімы» на ВіцебшчынеПадведзены вынікі абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу даследчых работ «Таямніцы малой радзімы». Гэты конкурс праходзіць у межах акцыі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся». Мэта яго – выхаванне школьнікаў праз даследаванне і зберажэнне асаблівасцей мясцовай духоўнай культуры.

 

Арганізатар этапа – сектар патрыятычнай і краязнаўчай працы абласнога Палаца дзяцей і моладзі. Як паведаміла загадчык сектара Алена Чарнышова, юныя даследчыкі амаль з усіх раёнаў і гарадоў Віцебшчыны прадставілі паўсотні работ. На другі тур трапілі 14 з іх. Пераможцаў у намінацыях «Легенды» і «Паданні» вызначыла журы са знаўцаў вуснай народнай спадчыны, якое ўзначаліў кандыдат філалагічных навук, дацэнт ВДУ імя П. Машэрава Генадзь Харошка.

 

У першай намінацыі лепшымі прызнаны працы краязнаўчага гуртка «Наша спадчына» Залескай СШ-сада Глыбоцкага раёна (кіраўнік – настаўнік Рыгор Леанідавіч Шарыпкін), вучняў новалукомльскай СШ №1 Чашніцкага раёна Ліі Урублеўскай і Дзмітрыя Шама (Вольга Іванаўна Праневіч), а таксама вучаніцы віцебскай СШ №45 Галіны Шыш (Лімалія Міхайлаўна Мусіенка).

 

У намінацыі «Паданні» пераможцаў больш. На першым месцы Юлія Галеева з Запольскай СШ-сада Віцебскага раёна (кіраўнік – Людміла Мікалаеўна Фёдарава). На другім – навуковае аб’яднанне «Пошук» Дрысвяцкай СШ Браслаўскага раёна (Ала Тадэвушаўна Прахарэнка), Вікторыя Клепікава і Станіслаў Горын з браслаўскай СШ №1 (Марыя Францаўна Жалубоўская), Ілья і Валерыя Палячынскія з Барздоўскай СШ-ясляў-сада Аршанскага раёна (Валерый Георгіевіч Пячонкін). Трэцяе месца занялі Святлана Сальнікава, якая наведвае Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі (Людміла Аляксееўна Качарагіна), і Юлія Барэйка з наваполацкай гімназіі №1 (Ірына Уладзіміраўна Дабравольская).

 

Рэалізаваны вельмі карысны ў пазнавальным плане праект. Яго здабыткі спатрэбяцца ў школах і пазашкольных установах. Пераможцы абласнога этапа атрымалі граматы і дыпломы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. А яшчэ гэтыя юныя краязнаўцы з 3 па 23 снежня будуць у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня», дзе змогуць паспрачацца з іншымі фіналістамі за канчатковую перамогу ў конкурсе. Пажадаем ім удачы.

 

 

Интернет-ресурсы